РЭЛЕ́ ЧА́СУ,

прыстасаванне (прылада), кантакты якога замыкаюцца або размыкаюцца з некаторай затрымкай у часе пасля атрымання кіроўнага сігналу. Затрымку рэгулююць адвольна, для чаго выкарыстоўваюць розныя яе схемы.

У эл. Р.ч. такая схема заснавана на замаруджванні нарастання або спадання сілы току (велічыні напружання) у эл. ланцугах, якія маюць кандэнсатары, шпулі індуктыўнасці, рэзістары, лічыльнікі імпульсаў. У цеплавых Р.ч. выкарыстоўваюць дэфармацыю біметал. пласцін пры награванні токам, у пнеўматычным — змену скорасці выцякання газу (паветра) з рэзервуара. Час затрымкі Р.ч. ад некалькіх мікрасекунд да некалькіх гадзін. Выкарыстоўваюцца ў рэлейнай ахове, сістэмах аўтаматыкі, пры фотадрукаванні і інш.

т. 14, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)